Адбылася цырымонія закрыцця «Славянскага базару ў Віцебску»

Урачыстая цырымонія закрыцця XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прайшла 16 ліпеня 2023 г. у Летнім амфітэатры. Магутна, маляўніча, сакавіта, музычна і, вядома, з ноткамі хвалявання канкурсантаў-вакалістаў.

Падтрымаць удзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» на сцэну Летняга амфітэатра выйшлі ўладальніца першага Гран-пры ў гісторыі конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» Таісія Павалій, саліст гурта «Чынгісхан», італьянскі выканаўца Пупа, неверагодная Этэры Берынава рамантычныя Тэа і Вольга Рыжыкава і многія іншыя зоркі расійскай і беларускай сцэны.

Старшыня журы конкурсу выканаўцаў народны артыст Расіі Дзмітрый Малікаў расказаў, што сёлета адзначае 30-годдзе творчай дзейнасці, а свае першыя прафесійныя крокі ён зрабіў менавіта на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску. У сваю чаргу Стас П'еха падзяліўся, што наведваць фестываль у Віцебску – сапраўдная сямейная традыцыя, бо ён вырас на гэтым музычным форуме. Таксама ён падкрэсліў, што магчымасць выступіць на гала-канцэрце фестывалю – ганаровая місія.

Першым на цырымоніі ўзнагароджання на сцэну Летняга амфітэатра выйшаў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка, ён выручыў спецыяльны прыз «Славянская надзея» расіянцы Лізавеце Слышкінай.

Прызавыя месцы размеркаваліся так:

Гран-пры галоўнага музычнага конкурсу фестывалю заваявала Маша Мнджаян з Арменіі.

Дыплом лаўрэата першай ступені атрымаў беларус Самір Ёлчыеў.

Дыпломам другой ступені ўганараваныя расіянка Лізавета Слышкіна і канкурсантка з Італіі AGAPE.

Трэцяе месца конкурсу падзялілі прадстаўніцы Казахстана і Узбекістана Куралай Мейрамбек і Маліка Хакімава.

Завяршальны канцэрт быў сапраўды цудоўным. XXXII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» развітаўся з удзельнікамі і гасцямі да наступнага года.

Запіс завяршальнага гала-канцэрта даступны для прагляду на тэматычных каналах у YouTube і Rutube.